Быць ці не быць школьнай форме?


Яндекс.Метрика

Архіў навін

22.02.2021

Я беларус, мая мова – беларуская

  21 лютага ва ўсім свеце адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. Цяпер у нашым рознакаляровым і рознагалосым свеце налічваецца больш за шэсць тысяч моў. Адны з іх вабяць сваёй прыгажосцю і непаўторнасцю, другія – мілагучнасцю. Але ў кожнага чалавека ёсць толькі адна мова, якую ён лічыць роднай. Менавіта гэтай вельмі значнай падзеі і быў прысвечаны Тыдзень беларускай мовы і літаратуры, што праходзіў у Чудзінскай сярэдняй школе. Дэвізам тыдня сталі словы Васіля Быкава “Я беларус, мая мова – беларуская”.  

  У панядзелак, 15 лютага, у фае школы вучняў і настаўнікаў сустракалі выпускнікі, якія прыгожа віталі ўсіх па-беларуску, прапануючы “залацінкі мовы” – выказванні вядомых беларусаў пра беларускую мову і закладкі-сувеніры.Многія з задавальненнем адклікаліся на прапанову “Размаўляй са мной па-беларуску”. Усе жадаючыя маглі ў гэты дзень ацаніць як свой узровень валодання роднай мовай, так і ўзровень тых, з кім яны мелі зносіны.
Вучні 5-7 класаў прынялі ўдзел у гульні “Моўная скарбонка”, дзе змаглі паказаць свае веды, не толькі па беларускай мове, а і па літаратуры.  

  16 лютага вучні адзінаццатага класа прапанавалі пазнаёміцца з цікавымі фактамі пра беларускую мову ўсім жадаючым. Акрамя таго, на кожным перапынку ў школе гучалі як народныя, так і сучасныя песні на беларускай мове і кожны мог “на смак пакаштаваць” прыгожае беларускае слова.

  Наступны дзень пачаўся з маштабнай акцыі пажаданняў “Далучы сваю далонь”. Кожны, пачынаючы ад самых маленькіх вучняў і заканчваючы настаўнікамі, мог далучыць сваю далонь з пажаданнямі да сваёй мовы, сваёй Радзімы. Свой працяг у другой палове дня меў лінгвістычны квэст “Урокі роднай мовы” для вучняў 10-11 класаў, які па-сапраўднаму захапіў старшакласнікаў разнастайнасцю і незвычайнасцю прапанаваных заданняў.

  Традыцыйна 18 лютага вучні 3-11 класаў прымалі ўдзел у рэспубліканскім конкурсе “Буслік”. Прыемна, што гэты конкурс карыстаецца папулярнасцю ў нашай школе. Штогод вучні паказваюць добрыя вынікі і атрымліваюць памятныя падарункі.

  Закончыўся Тыдзень беларускай мовы   інтэлектуальнай гульнёй сярод вучняў 8-9 класаў “Я люблю сваю родную мову”. Патрэбна адзначыць, што веды многіх нашых школьнікаў у галіне беларускай мовы і літаратуры выходзяць за межы школьнай праграмы, а эрудыцыі некаторых можна толькі пазайздросціць.

  Тыдзень мовы і літаратуры закончыўся. Настаўнікі беларускай мовы і літаратуры школы выказалі вучням пажаданне размаўляць на роднай мове не толькі падчас правядзення мерапрыемстваў у школе і з гонарам усведамляць, што ўсе мы – дзеці самай лепшай краіны на свеце – Беларусі.  І хочацца верыць, што тыя вучні, якія душой дакрануліся да жывога беларускага слова, будуць імкнуцца, каб роднае слова гучала.

Я — беларус, i я шчаслiвы,

Што мацi мову мне дала,

Што родных песень пералiвы

I зблiзку чую, i здаля. 

І.А. Валодзька, намеснік дырэктара

па вучэбна-выхаваўчай рабоце,

настаўнік беларускай мовы і літаратуры

ДУА «Чудзінская сярэдняя школа»